Жэстачайшы пыл у вочы: разбіраем новы закон аб масавых мерапрыемствах

25 кастрычніка дэпутаты ПП НС у першым чытанні прынялі змены і дапаўненні да закону «Аб масавых мерапрыемствах»

Адразу звернем вашу ўвагу, што аб ягоным прыняцці грамадства даведалася ўжо постфактум, калі дэпутаты яго прынялі. Нягледзячы на відавочную важнасць тэмы закону, на тое, што ён закранае фундаментальныя правы грамадзян, грамадскага абмеркавання не было. Народ проста паставілі перад фактам.

Але тым не менш закон быў прыняты адзінагалосна — усе 104 «палатачніка» прагаласавалі як адзін.

Прадстаўляў законапраект Міністр унутраных спраў Шуневіч, назваўшы яго «жэстачайшай лібералізацыяй заканадаўства».

Вось асноўныя навінкі, якія ён нясе ( https://www.svaboda.org/a/28814849.html) :

1. Уводзіцца паведамляльны прынцып правядзення масавых мерапрыемстваў. Чалавек альбо арганізацыя, якія жадаюць правесці нейкае масавае мерапрыемства, павінны не пазней як за 10 дзён паведаміць пра гэта ў адпаведныя органы. А яны не пазней як за 5 дзён мусяць даць адказ, калі захочуць адмовіць. Але адмовіць яны могуць толькі ў двух выпадках:

а) калі нехта іншы ўжо падаў заяўку на той жа час і тое ж месца,
б) калі заяўка не адпавядае заканадаўству.

Такі прынцып дзейнічае толькі для тых месцаў, якія вызначаны ўладамі. Калі ж нехта пажадае праводзіць сваю акцыю ў іншым месцы, то ў такім выпадку вяртаецца дазвольны прынцып.

2. Заяву на правядзенне масавага мерапрыемства не могуць падаваць асобы, у якіх ёсць нязнятыя або непагашаныя судзімасці паводле некаторых артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

3. Вызначаецца пералік прадметаў, якія катэгарычна забараняецца прыносіць на мерапрыемства.

4. Павышаецца адказнасць палітычных партый за правядзенне мерапрыемстваў.

5. Журналісты, якія асвятляюць гэтае мерапрыемства, павінны мець пасведчанне, а замежныя журналісты — абавязкова быць акрэдытаванымі ў МЗС Рэспублікі Беларусь.

6. Аплата паслуг за правядзенне мерапрыемства арганізатарамі будзе пераводзіцца постфактум. То бок плату за мэдычнае абслугоўваньне, прыборку тэрыторыі і г.д. арганізатары будуць уносіць пасля правядзення мерапрыемства, а не загадзя, як гэта робіцца цяпер.

7. Арганізатарам мерапрыемстваў забараняецца перадаваць у СМІ, уключаючы інтэрнэт, інфармацыю пра месца і час правядзення акцыі да падачы паведамлення.

Шуневіч разрэклмаваў гэтыя новаўвядзенні як велізарны крок насустрач дэмакратыі і набліжэнне Беларусі да «агульнасусветных нормаў». Але ўжо пры бліжэйшым разглядзе робіцца бачна, што гэтыя змены ў закон — нішто іншае як пыл у вочы для знешняга гледача, які ні на кроплю не змяншае кантраляванасць, але пры гэтым стварае ўражанне «жэстачайшай лібералізацыі» — усё як любяць нашыя ўлады. Разгледзім па пунктах:

1. Месцы, ў якіх дзейнічае паведамляльны прынцып, безумоўна будуць бязлюднымі пляцоўкамі недзе наводшыбе. Напрыклад, Парк сяброўства народаў. Падставы для адмовы даюць бязмежны прастор выдумляць адмовы колькі заўгодна. Напрыклад, калі нехта непажаданы падае заяўку на мітынг, якога ўлады не хочуць, раптоўна апынецца, што менавіта ў гэты дзень (якое супадзенне!) ОО «БРСМ» падала заяўку на масавае мерапрыемства: мітынг у падтрымку сямейных каштоўнасцяў, пікет супраць палення, альбо арганізоўвае збор смецця ў парку. І такія супадзенні будуць адбывацца кожны раз, калі паведамленне аб мітынгу на гэтым месцы будзе падавацца.
Таксама і фармулёўка «калі заяўка не адпавядае заканадаўству» дазваляе адмовіць каму заўгодна на якой заўгодна падставе. Ажно да таго што прычапіцца да няправільна ўказаных дадзеных у дакументу, да коскі, вялікай ці малой літары, любой граматычнай памылкі — абы была фармальная нагода адмовіць. Выпадкі прыдзірак да літар і косак у заявах ужо былі пры спробах рэгістрацыі новых апазіцыйных партый і арганізацый.

2. Пункт аб судзімасцях арганізатараў відавочна напісаны пад пэўных людзей. Да таго ж зразумела, што атрымаць судзімасць у Беларусі — справа хуткая. І нават калі ў непажаданага арганізатара яе няма — зляпіць яе ў органаў не зойме шмат часу.

3. Спіс прадметаў, якія забаронена прыносіць на масавые мерапрыемствы: можна не сумнявацца, што акрамя прыгаданага піва, у гэтым спісе будуць маскі і любыя прадметы, якія можна скарыстаць для самаабароны ад мусароў.

 

Прадметы, якія «знайшлі» у нашых паплечнікаў пасля затрымання 15 сакавіка.

 

4. Праз павелічэнне адказнасці (хаця казалася б, куды больш) партыі заганяюць у яшчэ большы загон інстытуцыянальных абмежаванняў. Гэта робіцца для таго, каб партыйныя босы не дазвалялі прысутнасці на сваіх мерапрыемствах непажаданых для ўладаў элементаў — тых жа анархістаў. То бок зараз калі анархісты прыдуць на мерапрыемства ў масках ці з «экстрэмісцкімі» лозунгамі, то першымі кідацца на іх будуць ужо не міліцыянты, а самі арганізатары: «вы нас падстаўляеце, нам больш ніякі мітынг не дазволяць!» Такім чынам правакуецца грызня між пратэстнымі палітычнымі сіламі і робіцца спроба выціснуць радыкалаў з публічнага поля.

5. Пункт аб абавязковым асвятленні мерапрыемства толькі зарэгістраванымі журналістамі варта чытаць так: поўная забарона на працу журналістаў-фрылансераў, незалежных блогераў а таксама некантраляваных СМІ. За парушэнне забароны будуць штрафы (прэцэдэнты ўжо былі падчас пратэстнай вясны гэтага году). Гэта — прамая спроба кантролю над інфармацыйным полем (рэгістрацыйныя пасведчанні выдае ніхто іншы як дзяржава) і завінчванне гаек у прамым выглядзе.

 

Блогер Максім Філіповіч, які адбыў больш за месяц арышту за асвятленне несанкцыянаваных акцый пратэсту.

 

6. Аплата паслуг «постфактум», якая мусіць выглядаць лібералізацыяй, насамрэч проста здзек. Гэтай аплаты ўвогуле не павінна быць, як з пункту гледжання справядлівасці, так і з пункту гледжання свабоды слова. Фактычна арганізатараў прымушаюць плаціць за права вольна выказвацца, хаця гэта — неад’емнае права чалавека ад нараджэння. Нагадаем нават КПЧ ААН раней прызнаў практыку прымусовай аплаты паслуг гарадскіх службаў арганізатарамі, абмежаваннем свабоды слова.

 

Анархісцкія ўлёткі ў тралейбусу, які штурмавалі шуняўкі 15 сакавіка.

7. Забарона на перадачу інфармацыі да падачы заяўкі нават не патрабуе каментараў. Здзіўляе толькі тое як у Шуневіча хапае цынізму называць гэта лібералізацыяй.

Сапраўды, пры чытанні загалоўкаў апазіцыйных СМІ з’яўляецца пытанне: з чаго б гэта галава карнага ведамства, адказнага за жорсткія разгоны мірных мітынгоўцаў, за катаванні людзей у пастарунках, чалавек, за заслугі якога быў названы цэлы падвід мусароў: «шунявак» у цывільным, вырашыў даць народу і «пятай калоне» паблажку ў выглядзе пашырэння свабоды слова?

Адказ просты: ніякай паблажкі няма. Есць імітацыя «пазітыўных зменаў», прыгожая карцінка, якую трэба як мага даражэй прадаць на захад пад соўсам «прагрэсу на шляху дэмакратыі ў Беларусі». Менавіта для гэтага ўсе і задумвалася. Прытым кантраляванасць грамадска-палітычнага поля гэты законапраект ніяк не змяншае, а ў многіх аспектах наадварот, павышае. У імітацыях, «очковтирательстве» і будаванні пацёмкінскіх вёсак нашай ўладзе сапраўды няма роўных. Што казаць: савецкая школа таталітарнага двудумства дае свае плады.

Аднак наўрад ці анархістам варта надта гараваць з нагоды прыняцця гэтага законапраекта. Партыйныя босы і раней называлі нас правакатарамі, арыштоўваюць нас на санкцыянаваных мітынгах гэтаксама ж як і на несанкцыянаваных, а прасіць ва ўладаў дазволу на выказванні мы не збіраліся і не збіраемся. Таму тыя, каму падабаецца гуляць па правілах Сістэмы і ўдзельнічаць у іх спектаклі — хай робіць гэта і надалей. Нашай мэтай была і будзе радыкалізацыя палітыкі і выхад за межы дазволенага.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи

Начните вводить, то что вы ищите выше и нажмите кнопку Enter для поиска. Нажмите кнопку ESC для отмены.