Псеўдавыбары прайшлі — што засталося?

Кожны раз, калі ў Беларусі адбываюцца чарговыя «выбары»: мясцовых дэпутатаў, парламенцкія ці прэзідэнцкія, анархісты трапляюць у не вельмі прыемнае становішча. З аднаго боку мы адмаўляем парламенцкую дэмакратыю, лічым палітыкаў клоўнамі і праваднікамі інтарэсаў буйнога бізнесу (як яно сапраўды і есць у многіх краінах ліберальнай дэмакратыі). Аднак крытыка парламенцкай дэмакратыі ў Беларусі не можа біць у цэль хаця б таму, што ніякай парламенцкай дэмакратыі ў нас няма з 1996 года. Няма палітычнай барацьбы розных груп бізнесу, няма рынку паліттэхналогій і піяру і будзь якой канкурэнцыі палітыкаў за розумы насельніцтва. А ёсць толькі адзін аўтарытарны цырк, у якім кожны адыгрывае сваю ролю, але вынік заўсёды адзін. Вось і выходзіць, што ў перыяд, калі насельніцтва хоць троху, але палітызуецца, на вуліцах робяцца бачныя сцягі апазіцыйных арганізацый а крытыка рэжыму часова робіцца дазволенай нам, анархістам, няма што сказаць акрамя як чарговы раз заклікаць за байкоту.

У гэты раз, аднак, здаецца, народ і без нашых заклікаў не асабліва імкнуўся ўдзельнічаць у спектаклі. Нават з масавымі загонамі, прымусовым галасаваннем студэнтаў і дзяржслужачых, таннай гарэлкай і піражкамі на ўчастках рэальная яўка на выбарах склала, па розных звестках, 20-30% [1][2]
Гэтыя лічбы вельмі балюча б’юць па легітымнасці дзяржавы. Яны паказваюць не толькі народу, але, у першую чаргу, самой наменклатуры, што іхняя ўлада не падмацаваная нават пасіўнай народнай падтрымкай. Што ім не давяраюць да такой ступені што нават не хочуць раз на 5 год кінуць у скрынку бюлетэнь. І ў момант любога сацыяльнага крызісу гэты недавер выльецца ў прамую заяву: «мы вас не абіралі!» А ад гэтай заявы адзін крок да таго каб скінуць нелегітымную ўладу.

Лукашэнка гэта, безумоўна, разумее. І адсюль такія хамскія і нервовыя рэакцыі на незалежных назіральнікаў і, асабліва, на спробы пратэсту. У гэтай галіне «выбары», дарэчы, падаравалі сюрпрыз. Група невядомых, даведаўшыся адрас старшыні выбарчай камісіі па Магілёву Марыны Зубарэнка, уначы аблекіла яе дом улёткамі, якія інфармавалі грамадзян аб яе дзеяннях. Што цікава, ва ўлётках не было пагрозаў расправы ці нават абразаў, аднак Зубарэнка тым не менш з’ехала з дому і да яе прыставілі ахову. У СМІ яна заявіла, што баіцца за сваё жыццё.[3] Застаецца толькі гадаць, што пачнуць рабіць служкі рэжыму, калі пачаць шчаміць іх па-сапраўднаму.

Відаць, менавіта гэты выпадак меў на ўвазе Лукашэнка, калі ў чарговы раз пагражаў нешта там адвінціць, адкруціць і называў усіх нязгодных з сабой «мудакамі». Зрэшты, з таго інцыдэнту прайшоў ужо тыдзень, але нікога за яго так і не пакаралі.

Асобна варта сказаць аб спробах вулічнага пратэсту: некалькіх акцыях, ініцыяваных блогерам Nexta і Народнай Грамадой у цэнтры Мінска. На іх сабралася ад 200 да 400 чалавек, прытым колькасць моладзі, якая ніколі не была на падобных пратэстах, была даволі уражвальнай. У абодвух выпадках анархісты засталіся ўбаку ад акцый: па-першае з-за павесткі, якой яна была прадыктаваная (усе акцыі афіцыйна падаваліся як «перадвыбарныя пікеты» кандыдатаў) па-другое — з-за таго, што ў іх не было ані выразнага плану, ані перспектывы. Калі блогер NEXTA разлічваў на хвалі свайго фільма падняць у Беларусі рэвалюцыю, то відавочна, што гэтая спроба не атрымалася: з 1,5 міліёнаў людзей, што паглядзелі відэа, і з 180 тыс. падпісчыкаў у Тэлеграме каля 400 пратэстоўцаў — канверсія мізэрная.

Выснова для нас. анархістаў, такая ж, як і з усіх іншых выбарчых кампаній. Нашая барацьба не прывязаная да электаральных цыклаў і канкурэнцыі палітыкаў (нават калі б яна была ў Беларусі). Класавая вайна ў халоднай фазе не спыняецца ніколі. І таму нам відавочна не варта занадта ўкладацца ў нейкія акцыі ці адмысловую агітацыю пад выбары. Лакальныя пратэсты і штодзённая агітацыйная праца мусяць даць куды болей для нашай справы чым спроба нагнаць апазіцыю, што ўдзельнічае ў спектаклях рэжыму.

Добры Вужака для pramen.io

[1]https://www.racyja.com/hramadstva/u-gomeli-yauka-na-vybary-sklala-30/
[2]https://www.svaboda.org/a/30280059.html
[3]https://news.tut.by/society/661613.html

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *